МАЛО́ЧНЫЯ ПРАДУ́КТЫ,
харчовыя прадукты з малака пераважна с.-г. жывёл. Падзяляюцца на натуральнамалочныя прадукты (пітное малако рознай тлустасці, абястлушчанае — адгон, бялковае, вітамінізаванае, адтопленае і інш.; вяршкі, кісламалочныя прадукты), масла (салодка- і кісласметанковае, топленае і інш.), сыры (сычужныя і кісламалочныя), малочныя кансервы (згушчаныя і сухія малако і вяршкі, сухія кісламалочныя прадукты, прэпараты для дзіцячага харчавання і інш.), марожанае, пабочныя прадукты вытв-сці сыру, тварагу (сыроватка) і масла (маслёнка). Атрымліваюць шляхам пастэрызацыі, сепарацыі, стэрылізацыі, збівання, кіпячэння, ператоплівання, згушчэння, сушкі, аднаўлення з малочных кансерваў, зброджвання з дапамогай дражджавых грыбкоў і малочнакіслых бактэрый, уздзеяння сычужным ферментам, унясення напаўняльнікаў (напр., цукру, вітамінаў, садавіны, спецый, араматызатараў) і інш. Маюць лёгказасваяльныя і каштоўныя для арганізма пажыўныя і біялагічна актыўныя рэчывы: бялкі (у т.л. казеін), тлушчы, вугляводы, мінер. солі (асабліва кальцый і фосфар), арган. к-ты, фасфатыды (у т.л. лецыцін), ферменты, вітаміны і інш. Больш стойкія пры захоўванні, чым малако. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці кандытарскіх вырабаў, хлебапячэнні, для выкормлівання маладняку с.-г. жывёл. Многія М.п. — дыетычныя прадукты.
т. 10, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)